У дзяцінстве я ніяк не думаў, што буду самым сур'ёзным чынам займацца навукай. Аднак прыгадваю, што ўжо тады ставіўся да ўсяго з самым што ні ёсць навуковым падыходам. Маёй першай улюбёнай навукай была энтамалогія (раздзел заалогіі). Ва ўзросце 8-9 год я прачытаў кнігу Л.Б.Сцякольнікава "Незвычайный махаон" (рус.), з натхненнем лавіў матылёў і вырабляў калекцыі паводле ўсіх правіл.
Другой улюбёнай навукай стала батаніка. У 9-10 год я прачытаў кнігу В.Карсунскай пра К.Ліннэя і быў у захапленні ад усялякіх вызначальнікаў. Я з запалам зубрыў не адно беларускія, але і лацінскія назвы раслін. Насушыў мноства гербарыяў. На жаль, ні яны, ні вышэйпамянёныя калекцыі матылёў не захаваліся.
Трэцім, але не апошнім каханнем стала навука хімія. У 14 год я арганізаваў у сябе хатнюю лабараторыю, удзельнічаў спачатку ў школьных абласных, потым у студэнцкіх усебеларускіх і ўсесаюзных хімічных алімпіядах. Па заканчэнні біёлага-хімічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута (1986) я выкладаў біялогію і хімію ў школе, а тады паступіў у аспірантуру Інстытута механікі металапалімерных сістэм АН БССР (1987), дзе таксама працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам. Там жа я сустрэў сваё тады ячшэ нясмелае і на сённяшні дзень апошняе каханне - інфарматыку.
Потым я вярнуўся ў сваю Alma mater - Віцебскі дзяржаўны універсітэт (1990), дзе працую да гэтага часу на кафедры хіміі. Так трэцяе каханне з яго досведам было не адрынута, а далікатна спалучана з маладосцю і энергіяй развіцця чацвёртай. Тут, не забываючыся на камп'ютэры МС1420 у ІММС АН БССР, пачаў распрацоўваць розныя вучэбныя праграмы і даследаваць іх выхаваўчую эфектыўнасць. У рэшце рэшт я падрыхтаваў да абароны дысертацыю па гэтай тэме.
Жадаючы глыбей асэнсаваць такую крутую рэч, як Інтэрнет, у лістападзе 1999 я падрыхтаваў два даследніцкія праекты - заяўкі для Міжнароднага бюро па даследаваннях і абменах (IREX) по праграмах "Рэгіянальныя навукоўцы" і "Актуальныя праблемы сучаснасці".
Я сцвярждаю, што кожная справа робіцца цікавай, калі ставіцца да яго як да навукі. Vita sine litteris mors est, а таксама Scientia potentia est.